Actions

Work Header

Арктыка

Summary:

Ліока было чымсьці большым. І калі Лора хацела наведаць усе магчымыя і немагчымыя закуткі сусвету, яна не магла прапусціць гэты шанец. Гэта не турыстычны маршрут, куды можна набыць квіток — калі не ў гэтым годзе, дык у наступным. Не, магчымасць убачыць Ліока — адзіны шанец на мільён. І Аэліта быццам бы ведала, што гэта значыць для Лоры і ўпарта, непахісна ў гэтай магчымасці адмаўляла.

Work Text:

Лора не магла ім растлумачыць, чаму ж ёй так хацелася ўбачыць Ліока. Шчыра кажучы, яна нават не спрабавала. Бачыла як наяву: Джэрэмі проста не зразумеў бы, пажаў плячыма, паправіў акуляры і забыў пра гэта праз пару хвілін; Одд са сваімі жартачкамі зноў ляпнуў бы нейкую дурноту, а ўсе б пасмяяліся; Юмі паглядзела бы на яе ўважлівымі цёмнымі вачыма ды прамаўчала; Ульрых не сказаў бы нічога разумнага; Уільям, мабыць, паспрабаваў бы падтрымаць размову — ён лепш за ўсіх астатніх да яе ставіўся, але гэта не дапамагала, бо да ўважлівага, маўклівага Уільяма і самі Воіны Ліока ставіліся з ноткай падазронасці. Уільям памыліўся аднойчы ды трапіў пад кантроль Зэны на некалькі месяцаў — і да яго ставіліся нібы да зараджанага ружжа.

Пра тое, каб нешта растлумачыць Аэліце, Лора нават не думала. Ведала: Аэліта прыпамінала б гэта ўсё астатняе жыццё. Ну, ці колькі часу яны яшчэ правялі б разам (верагодна, няшмат). Лора была ўпэўнена, што як толькі яна стане непатрэбнай, як толькі вырашацца ўсе праблемы, яе проста вышпурнуць з гэтага вузкага сяброўскага кола — і добра будзе, калі яны проста разыдуцца, пакінуўшы за сабой успаміны, а яны ж і гэта могуць у яе забраць. Лора ведала, што суперкамп'ютэр на гэта здольны, хоць пакуль і не разабралася, як. Але яна цвёрда ведала, што Воіны Ліока хоць і абараняюць увесь сусвет ад незразумелага, непазнанага ліха, не паварушаць і пальцам, каб у выпадку чаго абараніць яе. Яны і зараз утойвалі, недагаворвалі, падманвалі: давалі ёй невялічкія, нязначныя кавалачкі інфармацыі, быццам бы махалі моркаўкай перад носам восліка. Лора бачыла гэта з крыштальнай яснасцю. Бачыла — да адпусціць не магла.

Лора бачыла быццам бы ўвачавідкі і іншае. Міжземнаморскае ўзбярэжжа Францыі з цёплай вадою, на якой гайдаюцца яхты. Туманы Шатландыі, непраглядныя настолькі, што там пачынаеш верыць у існаванне фэйры. Халодныя прасторы Нарвегіі з захапляльнымі залівамі фіёрдаў, дзе ад вышыні дух займае. Усё гэта і безліч іншых мясцін, якія Лора ўжо наведала ці хацела наведаць калісьці — аднак Лора была ўпэўнена, што ўсё памеркне ў параўнанні з краявідамі Ліока. Канешне, у самой ідэі віртуальнага трохвымернага сусвету не было нічога звыш фенаменальнага; сканеры суперкамп’ютара, з іншага боку... Нешта, што цалкам разбірала цябе на атамы і пераўтварала ў пікселі, а потым магло вярнуць назад — гэта не які-небудзь шлем віртуальнай рэальнасці, дзе ты бачыш карцінку, а з дапамогай безлічы ўстановак ды сэнсараў можаш нават хадзіць, узаемадзейнічаць з гэтай карцінкай.

Ліока было чымсьці большым. І калі Лора хацела наведаць усе магчымыя і немагчымыя закуткі сусвету, яна не магла прапусціць гэты шанец. Гэта не турыстычны маршрут, куды можна набыць квіток — калі не ў гэтым годзе, дык у наступным. Не, магчымасць убачыць Ліока — адзіны шанец на мільён. І Аэліта быццам бы ведала, што гэта значыць для Лоры і ўпарта, непахісна ў гэтай магчымасці адмаўляла.

— Ліока — гэта не забава, — кожны раз катэгарычна казала Аэліта. Голас яе кожны раз быў роўны, нягучны, спакойны, але вочы былі такая злыя, што лепш бы яна на Лору крычала. — І віртуалізацыя — не ўзнагарода.

— Але ж я — частка каманды, — зноў і зноў спрабавала дастукацца да яе Лора. — Усе час ад часу адпраўляюцца на Ліока, чаму ж я не?

— Ад цябе і Джэрэмі больш карысці тут, каля суперкамп’ютара, — цвёрда і ўпэўнена казала Аэліта, але адводзіла вочы. — Няма чаго табе там рабіць.

— Джэрэмі быў на Ліока, і не аднойчы, — пачынала спрачацца Лора, але Аэліта яе ігнаравала. Ці рабіла выгляд, што ігнаравала. Аэліта часта дэманстратыўна не размаўляла з ёй, але назірала. Лора і Воіны Ліока амаль штодзень сядзелі паасобку, нібы незнаёмцы, але Лора пастаянна лавіла на сабе калючы позірк Аэліты і зусім як наяве бачыла, як знікае час, нібы сыплецца пясок.

Адно слова — і Лора магла згубіць усё назаўсёды.

***

— Што ты тут робіш?

Лора ўдыхнула, кінула позірк на гадзіннік на экране (было за поўнач — у такі час яна звычайна салодка спала ў сваім ложку ў інтэрнаце, алё сёння вырашыла затрымацца, распрацоўваючы новую праграму), далічыла да трох, выдыхнула — і толькі тады развярнулася ў камп'ютэрным крэсле. Агледзела Шэффер, што выйшла з ліфту ды так і ўстала, захоўваючы дыстанцыю.

— Працую, — цвёрда адказала Лора, не паказваючы, што ад гуку рэха яе ўласнага голасу ў яе пабеглі дрыжыкі па ўсім целе. — А ты што тут робіш?

Шэффер не адказала, толькі рэзка падышла бліжэй, пацягнулася да клавіятуры. Лора інстынктыўна ёй памяшала — яна не вельмі не любіла, калі хтосьці лезе ўпоперак яе да камп'ютара, калі яна працуе, і толькі потым пільна ўглядзелася ў вочы Аэліты. Вочы былі абсалютна нармальнымі — не, яе свядомасць не захапіў Зэна — і злымі, як заўсёды.

— Сыдзі, я запушчу віртуалізацыю, — прабурчала яна, зноў спрабуючы адпіхнуць Лору, але тая толькі мацней учапілася далонямі ў прахалодны метал.

— Нешта здарылася? — Лора кінула кароткі позірк на велізарную галаграму ў цэнтры пакою. — Скан не паказваў ніякай падазронай актыўнасці на Ліока.

— Не твая справа.

Лора з нечаканай для сябе смеласцю адказала Аэліце той жа фразай, якую яна не аднойчы казала сама:

— Але ж вандроўка на Ліока — не забава, — працягнула дзяўчына. — Што ты там збіраешся рабіць?.. Адна, ноччу, калі няма аніякай небяспекі з боку Зэны? І хіба вы не казалі мне ўвесь гэты час, што нельга адпраўляцца на Ліока ў адзіночку?

Аэліта сціснула ты расціснула далоні, і Лоранервова паёрзала ў крэсле. Яна была больш-менш упэўнена, што сапраўднай бойкі не будзе — пры ёй Шэффер не пачынала фізічныя канфрантацыі аніразу, — але злосць, якая нібы хвалямі разыходзілася ад Аэліты, немагчыма было праігнараваць. Між тым Шэффер павялічыла дыстанцыю паміж імі, замяталася ў кутку. Лора неадрыўна назірала — знерваваўшыся, яна пачала церабіць мочку вуха, вярцець невялічкую, далікатную жамчужную завушніцу.

Шэффер супынілася. Выдыхнула. Паглядзела на Лору сваімі ярка-зялёнымі вачыма.

— Акей. Пойдзем разам. Задаволена?

Лора толькі бровы падняла, нібы спрабавала моўчкі задаць усю бездань пытанняў, што ў яе былі. Але замест гэтага яна толькі крутанулася ў крэсле, разварочваючыся да манітораў, і сказала з халоднай упэўненасцю, якой насамрэч не адчувала:

— Задаволена. Я запускаю таймер. Дыктуй каардынаты.

Да таго самага моманту, як яны абедзве занялі месца ў сканерах, гледзячы адна на адну з розных бакоў пакою, Лора думала, што Шэффер паспрабуе неяк яе абдурыць. Ці паспрабуе закрыць ліфт перад самым носам, ці яшчэ нешта — настолькі гэтая прапанова яе збянтэжыла. Але Аэліта — маўклівая і прамая, нібы нацягнутая струна — проста ігнаравала Лору, наколькі гэта было магчыма, нават адводзіла вочы. Толькі калі яны ступілі ў расчыненыя дзверы сканераў і развярнуліся — тады Аэліта паглядзела на яе зноў. Дзяўчыны замёрлі на некалькі няёмкіх імгненняў, пакуль таймер камп’ютара адлічваў час да аўтаматычная віртуалізацыі. Лора ў мыслях таксама лічыла: дзесяць, дзевяць, восем...

Лора памылілася ўсяго на секунду: дзверы зачыніліся, калі яна мысленна сказала “адзін”. Сканер загудзеў. Яна рэзка ўздыхнула, толькі зараз адчуўшы, што мімаволі затрымала дыханне пад колкім поглядам Аэліты. Не так Лора ўяўляла сваю першую (і, хутчэй за ўсё, апошнюю) вандроўку на Ліока, але яна не збіралася адмаўляцца ад свайго шанцу. Між тым сканер закруціўся, асляпляючы дзяўчыну ярка-белым святлом, і Лора заплюшчыла вочы. У ступнях, здаецца, трошкі пакалывала, і дзіўнае пачуцце перапаўзала па нагах вышэй і вышэй, але калі Лора паспрабавала трошкі прыадкрыць вочы — убачыла толькі ўсё тое ж асляпляльнае святло, і яе трошкі замуціла. Лора паспрабавала ўзяць пад кантроль дыханне, але тыя мурашкі дашлі ўжо да грудзей, і яна, дыхаючы, не адчувала знаёмых рухаў грудной клеткі.

Яна ўжо змірылася з тым, што, верагодна, яе пачне ванітаваць, але тут усё скончылася.

На імгненне, на адзін удар сэрца яна адчула як праходзіць праз гэтую мяжу неіснавання, калі цела яе ўжо было разабрана на атамы, а свядомасць яшчэ не атрымала лічбавую форму. Але спужацца яна і не паспела, бо ўжо хутка яна ўпала на ідэальна роўны блакітны лёд аднаго з сектараў Ліока, нязграбна стукнуўшыся аб яго каленямі. Аэліта элегантна прызямлілася побач з ёй і падала руку. Тут, у сваім віртуальным абліччы, яна не выглядала такой злой, як звычайна, калі глядзела на Лору — магчыма таму, што ў яе быў амаль карыкатурна круглы твар і маленькія, кароткія бровы. Яна хмурылася, але гэтага было амаль не відаць.

З дапамогай Аэліты Лора паднялася на ногі і агледзелася, спяшаючыся адзначыць у памяці кожную дэталь. Воіны Ліока называлі гэтую частку віртуальнага сусвету проста “Сектар Ільду”; Лора ў думках заўжды клікала гэтае месца Арктыкай. Зараз, убачыўшы яго нарэшце на ўласныя вочы, яна была ўжо не так упэўнена ў гэтай назве. Так, тут былі адныя толькі ільды — паўсюль, наколькі было відаць, але іх аднародны, светла-блакітны колер мала нагадваў тыя айсбергі, што Лора бачыла на фотаздымках. І льдзіны нібы мякка свяціліся знутры пад абсалютна цёмным, бяззорным небам — тут зусім не было цёмна, нягледзячы на адсутнасць сонца, і гэта было зусім нечакана для яе.

Яе думкі прыпыніла Аэліта, яка вельмі раззлавана фыркнула. Лора прыпадняла бровы, моўчкі азірнуўшыся на іншую дзяўчыну.

— Я забыла сказаць, каб ты наладзіла нам транспарт, — неахвотна патлумачыла Аэліта. — Звычайна я проста лячу, куды мне трэба. Прыйдзецца ісці пехатой. Не адставай! — аклікнула яна, накіроўваючыся кудысьці

— Я магла б... — пачала Лора, не жадаючы турбаваць Аэліту яшчэ больш — яна не хацела ў гэты момант сварыцца, а іх перамір'е і так было няцвёрдым.

Аэліта, аднак, рэзка павярнулася і перабіла яе.

— Ты, — яна амаль ткнула ў грудзі Лоры пальцам, — слухай уважліва. Ад мяне не адыходзіць. Увесь час каб была на маіх вачах. З'явяцца монстры — нават не думай да іх лезці. Зразумела?

Лора сціснула губы ў тонкую лінію, але кіўнула. Нягледзячы на тое, што бясконцыя нападкі Аэліты злавалі Лору да зубоўнага скрыгату, яна разумела, што іншага шанцу нарэшце прагуляцца па Ліока, верагодна, не будзе. Так яны і пайшлі побач, ледзь не кранаючыся адна адну плячыма. Шпарка. Моўчкі. Лора прыслухоўвалася ды прыглядвалася да асяроддзя, прымячала ўсё: гулкі, ненатуральны гук іх крокаў, ідэальна роўную паверхню, па каторай яны ішлі, амаль незаўважальныя варыяцыі адцення блакіту ільду. Аэліта мэтанакіравана ішла кудысьці. Калі б Лора не кінула на яе позірк, Аэліта глядзела толькі наперад, нібы Лоры тут увогуле не было. Хутка яна таксама пачала рабіць выгляд, што Шэффер тут няма, нават галавы да яе не паварочвала; калі б яна раз-пораз не дакраналася выпадкова да рукі Аэліты, можна было б уявіць, што Лора тут адна.

Плато звузілася да нешырокага моста. Тут пачалі з'яўляцца і невялічкія асколкі льду, і трэшчыны, і адколатыя льдзіны. Лора спачатку падумала, што яны плаваюць у вадзе, і здзівілася, што яны не гайдаюцца, не варушацца нават на сантыметр — а потым зразумела, што мора далёка-далёка пад імі, а льдзіны проста вісяць ў паветры, нерухомыя і ідэальныя ў гэтай лічбавай прасторы.

Мост жа утыкаўся у высокую ледзяную сцяну, што выгібалася дугой з аднаго боку плато да іншага, натапырыўшы вострыя верхавіны льдзін. Чым бліжэй падыходзілі дзяўчыны, тым больш навісала над імі гэтая глыба, нібы ледзяны Калізей. Лора разглядала гэтую блакітную вышыню, і нават не заўважыла вузкай цясніны ў самага падножжа: сцежкі паміж дзвюх льдзін, што вяла кудысьці ўнутр. Аэліта падштурхнула яе. Лора азірнулася, не адважыўшыся ісці далей, наперад; Шэффер стала пад ценю тых ледзяных сцен і ўважліва прыслухалася. Можа, з хвіліну аглядала асяроддзе — і сінюю ваду далёка ўнізе, і вузкую блакітную паласу моста, і бяззорную цемру неба. Аглядзеўшы, у адзін узмах рукі зачыніла за імі праход. Лора нібы зачараваная прасачыла за тым, як спачатку ў паветры засвяцілася празрыстая сетка, а потым, паўтарыўшы яе контур, гэтае месца заняла льдзіна.

Стала цёмна;цемра гэта не была непрагляднай, бо ледзяныя сцены сапраўды свяціліся няяркім святлом — дастаткова, каб разглядаць сілуэты, але так слаба, што дэталі і колеры губляліся ў шэра-блакітнай цемры. І Лора нарэшце заўважыла ярчэйшы, хоць і па-ранейшаму мяккі свет з іншага боку той цясніны, дзе яны стаялі. А яшчэ — нейкі манатонны шум.

— Ідзі, — буркнула Аэліта. Шчыліна паміж льдзінамі, у якую яны прайшлі, была не настолькі шырокай, каб с камфортам у ёй разысціся. І Лора няўпэўнена пайшла далей. Позірк Аэліты адчуваўся цяжарам на яе патыліцы, а спераду клікала няпэўнае, амаль незаўважнае святло. Пальцамі яна дакраналася да ледзяной сцяны, што зусім не адчувалася, як лёд — не халодная, не слізкая, гладчэйшая за самы адпаліраваны каток. Віднела; сцежка ў ледзяной цясніне некалькі разоў адхілілася то ўлева, то ўправа няцвёрдым зігзагам, і нарэшце скончылася.

Убачыла яна шырокае кола тоўстых ледзяных сцен, што высіліся да самага цёмнага неба, навісалі купалам, амаль сыходзячыся пасярэдзіне. З вышыні, са сцен, з разломаў, ліліся вадаспады — адзін, другі, трэці — ды з мяккім шумам знікалі ў возеры, амаль не трывожачы сіняю ваду. Гэта месца было амаль недасягальным для монстраў Зэны: мабыць, толькі шэршні маглі заляцець у шчыліны ледзянога купала, але ім трэба было б спачатку знайсці гэты аазіс пасярод неабсяжных далячынь Ліока, якое яшчэ і змянялася час ад часу, калі не пад уплывам Аэліты ці Зэны, дык пад уплывам дадзеных Сектара Пяць, што ўвесь быў увасабленнем хаосу.

Пасярод возера стаяла вежа. Чорныя правады-карані, што абвівалі яе падножжа, знікалі пад вадой, і ў сіняй цемры немагчыма было разглядзець дно. Лора вытарашчылася на тую вежу — дзяўчына нават не ўяўляла раней, што генерацыя ландшафту Ліока ўвогуле здольна на такое. У халодным святле Сектара Ільду, што разыходзілася і ад сцен, і ад ледзянога купала ў вышыні, белаватае свячэнне вежы было амаль містычным.

Аэліта, аднак, не пайшла туды. Яна моўчкі села на беразе возера, на самым краі, стаўшы на калені, нібы ў малітве, і замёрла. Лора адвярнулася; ёй стала неяк няёмка, быццам бы яна міжвольна ўмяшалася ў штосьці асабістае. Быццам бы знаходзіцца пад гэтым ледзяным купалам ды слухаць шэпт вадаспадаў можна было толькі ў адзіноце, і Лора тут была непажаданым назіральнікам, і магія гэтага месца магла трэснуць ды рассыпацца ад аднаго яе ўздыху. І яна пайшла ўздоўж берага, разглядаючы высачэнныя ледзяныя сцены ды сінюю ваду. Вадаспады непадзельна захапілі яе ўвагу, як толькі Лора падышла бліжэй: калі б не дзіўныя блакітныя ільдзіны кругом, можна было б забыць, што і вада тут несапраўдная — толькі створаная суперкамп'ютэрам анімацыя, — але паблізу можна было разгледзець ненатуральныя дэталі. Рытмічны, нібы метраном, шум вадаспаду, сіметрыю ў струменях вады, недасяжную прыродзе, і пустэчу ў далонях Лоры, якія яна падставіла пад вадаспад — і дастала абсалютна сухімі.

Яна адважылася кінуць позірк на Аэліту, на яе нязвыкла-спакойны твар, на заплюшчаныя вочы, на сціплыя рухі вуснаў, шэпту якіх было не чуваць. Шэффер сядзела ўсё так жа нерухома, нібы сама стала часткай гэтага ледзянога ландшафту ў сваёй халоднай аддаленасці.

Краявіды Ліока сапраўды былі чымсьці неверагодным.